МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,
рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.
Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.
А.Л.Халмецкі.
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)